Дзяржаўная ўстанова культуры «Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй»
Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй заснаваны і адкрыты для наведвальнікаў у 1988 г. У экспазіцыі музея шырока прадстаўлена чарнобыльская тэматыка, гісторыя Брагіна. На пачатак 2023 года музейны фонд складае 2901 адзінак. Найбольш цікавымі з'яўляюцца: калекцыя жывапісу, калекцыя ручнікоў, а таксама метэарыт «Брагін», разная даразахавальніца і асабістыя рэчы Васіля Ігнаценкі. Экспазіцыя музея складаецца з выставы «Страчаная зямля», залы памяці В. I. Ігнаценкі, залы гісторыі Брагіна, «Палескай хаткі». Музей прымаў удзел у міжнародных праектах у рамках Праграмы СОКЕ, у выніку якога зроблена выстава «Страчаная зямля» а таксама ў комплексным праекце «Адраджэнне» пры падтрымцы Дэпартамента МНС Рэспублікі Беларусь па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дзякуючы якому ствррана сістэма пошуку людзей, адселеных у выніку эвакуацыі ў 1986 г. з Брагінскага раёна, створаны дакументальны фільм «Маё пакаленне і Чарнобыль» а таксама выдадзена кніга памяці аб чарнобыльскай катастрофе і жыцці людзей пасля яе «Наперакор. На радасць. На ўспамін...»